Белы гарлачык - страница 4

стр.

Ля другога ручая, што стрэўся на іх шляху, вербалозы і чаромха спляліся ў суцэльны гушчар. Віцька прапанаваў:

— Пойдзем пасядзім у засені...

Васіліне здалося, што ён падміргнуў правым вокам:

— Адпачыць не пашкодзіць. Гэткі шлях прайшлі...

Яна паглядзела на гушчар. Густое лісце варушылася неяк загадкава і змрочна, нібы шаптала: «Не ідзі туды!» I вада ў рацэ быццам пацямнела, страціўшы сваю ранейшую срабрыстасць. Яны толькі ўдваіх! Рашуча сказаўшы сабе «не пайду», Васіліна спалохана падумала: «Ліха яго ведае, што ён за чалавек, возьме што-небудзь благое зробіць і ў ваду кіне. Ці скочыць з чамаданчыкам у хмызняк. А ў чамаданчыку туфлі...»

Ад гэтых думак ёй зрабілася страшна. Яна папрасіла ў Віцькі чамаданчык, знарок пакорпалася ў ім, на запытальны віцькаў позірк адказала з падробленай узрадаванасцю:

— Здалося, кніжку ў лесе згубіла, а яна тут ляжыць. Ха-ха! Ай, глядзіце, што гэта там за птушачка...

Васіліна запыталася пра гэта, каб адцягнуць віцькаву ўвагу, сабрацца з думкамі аб паводзінах у далейшым. Чамаданчык яна ўжо больш Віцьку не аддала, паскорыла хаду і ўвесь час прыслухоўвалася з трывогай да крокаў за спіною.

Яна так і не паспела дадумацца, што ёй рабіць у выпадку віцькавага нападу. Зялёны гушчар скончыўся і наперадзе, у сіняватай смузе, узніклі белыя гмахі горада. Па рацэ, кіруючыся ў іх бок, плылі чаўны. Васіліна ўздыхнула з палёгкай і вінавата паглядзела на Віцьку: ёй зрабілася сорамна за благія думкі аб ім.

Праз поўгадзіны яны падышлі да горада. На рагу вуліцы, што вяла да замчышча і ўзвышалася над берагам ракі, Васіліна сцішыла хаду і нясмела, крыху бянтэжачыся, заўважыла:

— Вось мы і дома. Мне тут непадалёчка, праз замчышча. Дзякую!

Яна вымаўляла словы і не ведала, навошта гаворыць іх. Сэрца поўніла іншае пачуццё. Ёй хацелася, каб Віцька ішоў з ёй далей і, увогуле, не пакідаў яе адну. Яна злавалася на самую сябе за тое, што схлусіла яму і не змагла сказаць праўду.

Вецер варушыў палын на схілах замчышча. Лісцё паварочвалася то адным, то другім бокам, і ад гэтага палыновыя купінкі хутка мянялі колер — то рабіліся бледна-зялёнымі, то сівелі, быццам пасыпаныя попелам. Васіліна адчувала гаркаваты пах палыну, змешаны з пылам, а таму яшчэ больш рэзкі і непрыемны, і ліхаманкава думала, каб сказаць штон-ебудзь разумнае, сур’ёзнае. Перад вачыма вагалася сівая палыновая гара, і Васіліна сказала, каб толькі не маўчаць:

— Палын. Разагрэўся на сонцы. Увечары ён пахне, а цяпер...

I адразу ж прыйшла думка, ад якой Васіліне зрабілася няёмка. Віцька можа падумаць, што яна дагаворваецца з ім пра вечар. Але ён толькі затрымаў яе руку і, паглядаючы ў вочы Васіліне, запытаў глухавата, нібы загадваючы:

— Заўтра ў кіно пойдзем. На другі сеанс. Буду чакаць ля тэатра...

Васіліна адчула, што дужка чамаданчыка зрабілася гарачай, рука з ёю спацела. Вейкі ў яе здрыгануліся, і яна, зрабіўшы выгляд, што нешта трапіла ў вока, узялася церці яго. Нечаканая прапанова ўзрадавала, але Васіліна наважылася было, як гэта вучыла яе Адэля, згадзіцца не адразу. Падумаўшы пра тое, яна спалохалася, што Віцька можа пакрыўдзіцца, змяніць свой намер, і адказала таропка:

— Добра. Я прыйду.

Віцька ўсміхнуўся весела. Яна развіталася сарамліва, не ўзнімаючы вочы, а калі адышлася, то азірнулася, паглядзела яму ўслед. Віцька крочыў па вуліцы, хістка паводзячы плячыма, быццам матрос, які нядаўна пакінуў карабель і сышоў на зямлю. 3 пачуццём ласкавасці, якое раптоўна прыйшло да яе, Васіліна падумала: «Харошы». I ад таго, што нават у думках адважылася на такое, яна спалохалася, дакранулася рукамі да шчок: «Ай, што гэта я... Ці ж можна?!»

Узбіралася яна на замчышча хутка, лёгка пераскакваючы прыступкі лесвіцы.


3

Брыгада, у якой працавала Васіліна, атынкоўвала фасад жылога дома. З рыштаванняў ёй быў добра выдзён горад у зеляніне дрэў, што пышна забуялі ў апошні год і кідалі на зямлю наямлю шырокі цень. За цэнтральнай плошчай, ля замкавай гары, стужкай лягла Дзвіна, якая адсюль, з рыштаванняў, здавалася зусім не блакітнай, а крышачку зеленаватай, пад колер лісця. На павароце ж рака была шырокай. Здаецца, адтуль яна ўбачыла горад, калі ішла разам з Віцькам.