Што ён страціў? - страница 5
Хацінка, хоць і была амаль у цэнтры вёскі, але стаяла адзінока. Суседнія хаты, вялікія і новыя, як бы грэбліва адступілі ад яе, як адсоўваюцца багатыя ад жабрака, адступілі ў бакі і высунуліся ўперад, а хацінка засталася недзе ззаду, на гародзе. Каля яе не было ні хлеўчука, ні паркана, адзінокае акенца на вуліцу глядзела з снежнай нішы сваімі белымі шыбінкамі. Снег, прыгожы, пушысты, заносіў сляды старой сцежкі, што вяла з вуліцы да хацінкі. Не мела гэтая сіраціна ні калідорчыка, ні сенцаў. Дзверы яе ад снегу і ветру прыкрываў прымітыўны буданчык з прытуленых да сцяны сасновых галін.
Сцяпан і Анатоль ледзь пралезлі ў шчыліну паміж сукаватымі галінамі.
Старшыня, не пастукаўшы, адчыніў дзверы. У хаце стаяў поўзмрок — шыбы зараслі тоўстым пластом інею.
— Хто там? — азваўся з печы танклявы дзіцячы галасок.
— Мы,— недарэчна адказаў Сцяпан, нібы гэтае «мы» адразу ўсё вытлумачвала.
Вочы паступова прызвычаіліся да поўзмроку, і Анатоль убачыў, што з-за коміна выглядае худы тварык з цікаўнымі вачанятамі. Уласна кажучы, убачыў ён адны гэтыя вачаняты ды нос, бо ўсё іншае на твары было закрыта вялікай белай хусткай.
— Гэта ты — Люба Лапатка? — спытаў Анатоль.
— Я. А што?
Анатоль не адказаў — «што». Ён убачыў белую пару, якую выдыхаў,— у хаце было холадна. Яшчэ тады, калі ён убачыў гэтую хаціну і асабліва сасновае галлё над дзвярамі, у душы яго ўзнікла нейкае непрыемнае пачуццё да Сцяпана. Цяпер гэтае пачуццё ўсё больш акрэслівалася. Ён ужо добра адчуваў, што гэта — злосць і гнеў. І разам з гэтым — боль, глыбокі душэўны боль, ад якога сціскала дыханне і рабілася салёна ў горле. Ён аглянуўся і ўбачыў у куце кучу бульбы. Ён нахіліўся і падняў адну бульбіну. Яна была мёрзлая. Невядома на што паклаў гэтую бульбіну ў кішэню. Гаварлівы старшыня маўчаў, відаць, таксама ўражаны выглядам хаты. На печы цяжка ўздыхнула старая, але самое яе не відаць было, толькі куча нейкіх рызманоў.
— Ты ў школу ходзіш? — спытаў у дзяўчынкі Анатоль глухім дрыжачым голасам.
— Хаджу. Але я тры дні не была... Бабуля захварэла... Яна слабенькая... Я ляжу з ёй і грэю... Баюся, калі я пайду, яна застыне і памрэ...
— А ў печы вы паліце?
— Учора палілі. Цётка Ганна прынесла бярэмак дроў, і мы палілі... Печка і сёння яшчэ гарачая... А вы з раёна?
— А чаму вы не возьмеце каня і не прывезяце дроў? — незадаволеным сухім голасам спытаў Сцяпан.
— А я прасіла ў вас, дзядзечка. А вы паслалі мяне да брыгадзіра. А ён кажа, што нас павінен забяспечыць сельсовет, што мы пенсію атрымоўваем...
Анатоль больш не мог трываць. Ён прарывіста, з гукам, падобным на ўсхліпванне, уздыхнуў і, нічога больш не сказаўшы, выйшаў з хаты.
Калі Сцяпан дагнаў яго на вуліцы, дзе ўсё ўрачыста ззяла ад снежнай белізны, ён прашаптаў з болем і гневам:
— Якая ганьба! Ганьба!
Сцяпан узяў яго пад руку, быццам намерваючыся падтрымаць на слізкім месцы:
— Дарагі мой, згадзіся, што за ўсім не ўгледзіш, усяго не ўбачыш... Ёсць больш важныя справы...
Анатоль вырваў руку, павярнуўсй да Ластаўкі, сарваў свае акуляры і, размахваючы імі, амаль крыкнуў:
— Знесці гэтую хаціну, каб не псавала выгляду,— пра гэта ты падумаў, гэта ўбачыў. А хто там жыве? Як жывуць гэтыя людзі? За два гады ты не здолеў убачыць. Гэта табе няважна. У цябе ёсць больш важныя справы. Крычаць ва ўсіх газетах, што галоўнае ў тваёй працы — клопат пра чалавека. Вось твае клопаты! Дэмагог!
На другім баку вуліцы спынілася жанчына, прыслухоўваючыся, што гэта так абурана кажа незнаёмы старшыні. Сцяпан убачыў жанчыну і настойлівым шэптам папрасіў:
— Не крычы. Людзі чуюць.
Анатоль махнуў рукой і шпарка пайшоў па вуліцы. Сцяпан ішоў ззаду — след у след, здзіўлена ківаў галавой і ўсміхаўся, як усміхаюцца дарослыя з учынкаў дзяцей.
Каля калгаснай канцылярыі ён зноў спыніў сябра — спытаў жартаўліва-іранічна:
— Што-ж, таварыш пракурор, цяпер і ў госці не пойдзеш?
Анатоль крута павярнуўся, вочы яго бліснулі з-пад акуляраў, на шкельцы расталі сняжынкі, затуманілі іх, і ён бачыў Сцяпана як бы здалёк.
— Есці тваю індзюшку? Не, не пайду! Як прайсці ў сельсовет?
— За тым вунь калодзежам — направа. Там убачыш.