Белы гарлачык - страница 6

стр.

— Нашто вы? — абурылася Васіліна.— Такая бярозка была...

— Шкада? Ха-ха! На наш век іх хопіць! Затое пасядзець добра... Ох-оо-о! — засмяяўся Віцька і шмякнуўся на бярэзнік.

Ён скінуў пінжак і хуценька, каб не заўважыла Васіліна, сунуў нешта пад ялушку. Падсцілаючы пінжак, ён гаварыў не ўзнімаючы галавы, і таму голас яго быў трохі хрыплаваты:

— Слаўна тут. Мой пакуначак нам ай як спатрэбіцца. Згода?

Ніякай пэўнай думкі наконт гэтага ў Васіліны не было. Яна не разважала над тым, што за пакунак у Віцькі, і цяпер здзівілася, калі ўбачыла, што Віцька цягне з пакунка гуркі, каўбасу і сыр, нарэзаны тоненькімі лустачкамі. Чамусьці адразу і ёй захацелася есці. Яна праглынула сліну — гэта не засталося па-за ўвагай Віцькі — і пачырванела пры думцы, што прыйдзецца есці яго пачастунак. Каб схаваць сваю ніякаватасць, Васіліна нахілілася да ялінкі і пакратала пальцамі шыпулькі:

— На поўвяршка выцягнуліся. А мя-яякенькія...

Віцька сунуў руку пад ялінку, гучна забразгаў там нечым і, хітравата прыплюшчыўшы вочы, дастаў бутэльку віна. Ён урачыста паставіў яе пасярод газеціны. Увесь выгляд яго быццам казаў: «Гэта жартачкі! Але ж задумаў я няблага»...

Віцька разрэзаў гурок напалам, выскраб нажом сярэдзіну і ператварыў агурковыя кавалкі ў кілішкі. Потым ён падрэзаў ім донцы, паставіў на стары пяньчук і пачаў наліваць віно.

Васіліна рашуча запярэчыла: «Што вы, піць я не буду», хоць у думках была ўзрадавана і віцькавай гаспадарлівасцю, і кілішкамі, і тым, што дужа хочацца есці.

Васіліна згадзілася выпіць адзін кілішак, даўшы строгае абяцанне, што ні кропелькі больш. Потым Віцька ўзяўся даводзіць, што кілішак зусім маленькі — дзве лыжкі, не больш. Яна агледзела яго, убачыла, што ён гаворыць праўду, і зноў згадзілася на кілішак, але каб Віцька выпіў тры, бо ён жа мужчына і сорамна піць віно аднолькава з ёй. Віцька не пярэчыў.

Бутэлька незаўважана апусцела. Апошні кілішак ён паклаў проста ў рот, гучна захрумкаў і спытаў: «Кілішак я з’еў, можа і бутэльку?» Васіліне зрабілася дужа весела. Яна паспрабавала зрабіць тое ж самае, але кілішак, у якім было трохі віна, аказаўся непамерна вялікім, прыйшлося падрэзаць яго.

Яна сама сабе заўважыла, што ўсё вакол — і неба, і дрэвы — смяюцца і патроху вагаюцца. Напоўлежачы на віцькавым пінжаку, яна закінула галаву і гучна засмяялася. Галава зрабілася нейкай дужа цяжкай і сама апусцілася долу. Васіліна сашчапіла рукі, паклала іх пад галаву і зноў засмяялася, адчуваючы салодкую млявасць ва ўсім целе.

Над яе тварам навіслі тонкія лапачкі ялінкі. Васіліна прыкрыла павекі. Сіняе неба над галавой стала подобным на вялікае возера, шыпулькі склаліся ў абрысы нейкага карабельчыка. Вось ён пагойдаўся, пагойдаўся і паплыў морам. I раптам чорная калматая хмара напаўзла на яго, праглынула. Васіліна расплюшчыла вочы і войкнула ад жаху: па шыпульках поўз вялікі чорны жук:

— Ай, Віценька! Жук, які страшэнны!.. Во ён, во, на шыпульках...

Віцька даў жуку пстрычку. Жук адляцеў некуды ўбок. Ёй зрабілася шкада жука, і яна лёгка, сама здзіўляючыся сваёй смеласці, кранула віцькаву руку:

— Навошта? Ён жа нічо...

Яна не дагаварыла, адчуўшы на сваіх вуснах губы; спалохалася, заплюшчыла вочы і ляжала нерухома, баючыся нават пакратаць рукой, прыслухоўваючыся да таго незвычайнага, што робіцца ў сэрцы. Гарачыня разлілася па твары. Васіліне здалося, што нехта дужы ўзняў яе і нясе да вялікага вогнішча, ад якога патыхае гарачынёй і цяжка дыхаць...

Віцька цалаваў яе ў шчокі, бровы, шыю. Яго рукі паспешліва гладзілі валасы, расшпільвалі плацце... Васіліна расплюшчыла вочы, адштурхнула Віцьку:

— Не трэба, не трэба! Што вы робіце?

Ён цягнуў яе да сябе, гладзіў, прасіў сесці. Васіліна баранілася ад яго рук і паўтарала, быццам просячы прабачэння:

— Навошта гэта? Не трэба, не трэба!

Нечакана Віцька прыўзняўся, тузануў яе за руку, злосна вылаяўся:

— Недатычкай якой прыкідваецца! Глядзі ты! Насатая...

Яна паглядзела на яго, разгублена міргаючы. За адно кароткае імгненне пранеслася ў думках усё тое, што адбылося за апошнія дні. Ясакар пад акном. Пярэстая мярэжка на столі. Знаёмства ў лесе. Бляск сонца і вады. Коўзкі мячык. Белы гарлачык і, падобны на сліву, пухірок сярод рачнога багавіння. Сівы палын на замчышчы. Вечаровы шэпат лісця ў скверыку. Ласкава ўсміхаецца высокі хударлявы хлопец. Ён сарамліва гаворыць, што білетаў няма. Але чаму такая дваістасць у ягоных вачах?