Васіліна палахліва ўбачыла, што віцькаў твар змяняецца. Усе такія родныя абрысы адплываюць некуды далёка, далёка, знікаюць і нараджаюцца другія вочы. Не, гэта ўжо незнаёмы ёй чалавек. Недзе яна бачыла такі твар. Але дзе? Ліхаманкава круціліся ў галаве думкі... Не, прыгадаць цяжка... I зноў цягнуцца гэтыя рукі... Яна адштурхнула яго і закрычала:
— Сорамна гэта! Брыдка!
Штуршок быў не так што моцны, але Віцька, які цягнуўся да Васіліны, не чакаў гэтага і паваліўся пад ялінку.
Васіліна кінулася бегчы. Слёзы туманілі ёй шлях. Адна і тая ж думка штурхала яе ў плечы, прымушала бегчы, не спыняючыся: «Якое ён мае права? Якое?..»
Усё яшчэ сінявае неба вісела над зямлёй. На траву клалася раса. Сцежка скончылася. Вось той масток, дзе яны збочылі. Васіліна ўзбегла на дарогу. Чорныя туфлікі абляпіў густы пыл, і яны зрабіліся вялікімі і непрыгожымі. Яна хацела абдерці іх, сарвала жмуток травы. Удалечыні паявілася віцькава постаць. Васіліна кінула траву і шпарка, не аглядаючыся, пакрочыла ў бок горада.
* * *
Прайшло некалькі дзён. Васіліна нічога не сказала сваёй сяброўцы Адэлі пра выпадак, што адбыўся ў лесе. Але думкі аб ім штохвілінна круціліся ў галаве. Думаючы пра той вечар, яна прыгадвала сіняе неба, маладыя ялінкі, усміхалася і шукала апраўданне паводзін Віцькі. Калі яна ўжо зусім наважвалася ва ўсім дараваць яму, у памяці ўсплывалі словы абразы, і рашэнне прападала.
Учора брыгадзір пасварыўся на яе за дрэнна зробленую тынкоўку. Адэля заўважыла неяк жартам, што Васіліна гаворыць ноччу скрозь сон. Яна спагадліва маўчала і зрабілася надта клапатлівай. Ад гэтага Васіліне было яшчэ цяжэй, а расказваць пра ўсё сяброўцы яна не жадала.
У суботу праца была асабліва цяжкая. Васіліна ішла ў інтэрнат, схіліўшы галаву, адчуваючы ў руках і плячах цяжкую стомленасць. Дзверы пакоя былі незамкнёныя. Адэля некуды пайшла. Васіліна падумала, што на раку па ваду сёння не пойдзе. Рачная вада патрэбна была ёй на тое, каб даліваць у шклянку, дзе стаяў белы гарлачык, які дастаў тады Віцька на рацэ. Яна ведала, што гэта не можа ажывіць кветку і ўсё ж хадзіла на раку штодня, змяняла ваду ў шклянцы і сумна паглядала на гарлачык. Гарлачык ужо не цвіў, пялёсткі засыхалі патроху. Але сэрца не хацела пагадзіцца з гэтым. Недзе глыбока ў ім жыло чаканне нечага вялікага і харошага.